Каменная ноч - Страница 14


К оглавлению

14

Кожную ноч, калі ўяўляў, як Яго позірк падымаецца да каменнай глыбы ажно ў космас, Ён быццам бы спыняўся на кожным паверсе, што знаходзіліся над Яго пакойчыкам. Імкнуўся ўявіць, што на кожным вышэйшым паверсе павінен быць такі ж самы пакой, толькі з іншай мэбляй і іншымі жыхарамі. Насамрэч, Ён нават не ведаў, хто там жыве, не ведаў уласных суседзяў па пад’езде. Але гэта не мела ніякай розніцы, бо Ён, прыпыняючыся на кожным наступным паверсе, імкнуўся ўявіць нейкі вобраз-тып, які б змяшчаў у сабе агульныя рысы вялікай колькасці рэальных людзей.

На адным паверсе маладая пара з немаўляткам. Маладыя, напэўна, лічаць сябе перспектыўнымі, мяркуюць, што іх жыццё толькі пачынаецца. Хутчэй за ўсё, мараць пра добрую кар’еру, багацце. Жадаюць, магчыма, пераехаць ва ўласны дом з вялікімі вокнамі... Спадзяюцца, што іх дзіця будзе абавязкова разумным, выхаваным і ўвогуле самым лепшым. Хаця, цалкам верагодна, самі яны не маюць нават ні нармальнай адукацыі, ні навыкаў для выхавання гэтага дзіцяці. І не трэба выключаць, што яно ўвогуле было незапланаваным... Аднак яны кладуцца спаць са спадзяваннем, што ўсё абавязкова будзе добра, што наперадзе — толькі лепшае...

На наступным паверсе, магчыма, жыве больш сталая сям’я. Бацькі ўжо перажываюць крызіс сярэдняга ўзросту, разумеюць, што іх некаторыя чаканні ўжо ніколі не спраўдзяцца, што жыццё ўжо не зменіш і жывуць па інерцыі. Працуюць, напэўна, на адным і тым жа месцы ўжо не першы дзясятак, жывуць у гэтай кватэры прыкладна столькі ж, маюць вузкае кола старых сябрукоў, з якімі час ад часу збіраюцца на застоллі. І, нягледзячы на тое, што шмат чаго дасягнуць не атрымалася, што на шэрагу асабістых і кар’ерных амбіцый пастаўлены крыж, што муж ужо даўно надакучыў жонцы і наадварот, яны маюць нейкую штучную ілюзію стабільнасці, бо з года ў год — адно і тое ж. Але гэтым яны і шчаслівыя, хоць і самі таго могуць не разумець. Яны маюць дзяцей-падлеткаў, якія жывуць быццам бы асобным жыццём, і да якіх нярэдка, калі шчыра, няма спраў. У дзяцей усё добра — ну і добра. А дзеці гэтыя, магчыма, знаходзячыся на мяжы дарослага жыцця, уяўляюць сябе каралямі свету, перад якімі адчынены ўсе дзверы. І, у прынцыпе, маюць рацыю. Яны кладуц­ца спаць з марай патрапіць у лепшыя з гэтых дзвярэй, знайсці ўзаемнае каханне на ўсё жыццё, назаўжды застацца ў выдатных стасунках з сябрамі дзяцінства і школы, перажыць цікавыя прыгоды і выйсці пераможцамі...

На наступным паверсе можа жыць меней шчаслівая сям’я, у якой, напрыклад, нехта смяротна хворы. Гэты хворы добра разумее, што неўзабаве сканае, але нічога не можа зрабіць. І бясконца крыўдна яму, што жыццё з ім так абышлося, што не змог выканаць усяго, што хацеў. І нават не з-за ўласнай безадказнасці, а так — па волі лёсу. І няёмка яму быць цяжарам для сваіх родных. Безнадзейна хворы пачынае задумвацца пра сапраўдныя сэнсы жыцця, уяўляць, што змяніў бы, што зрабіў бы, калі б у яго была яшчэ адна магчымасць. І, засынаючы, магчыма, спадзяецца, што прачнецца здаровым, што ўсё няшчасце, якое выпала на яго лёс — толькі кепскі сон... А родныя яго, засынаючы, спадзяюцца, што раніцай зноў пабачаць на ложку блізкага чалавека, а не мёртвае цела, каб не дакараць сябе да самай смерці, што, магчыма, нешта не пачулі, не дапамаглі, не развіталіся па-чалавечы. Бо цяжка ім развітацца вось так — загадзя, каб не пакрыўдзіць чалавека, каб не думаў ён, што змірыліся, хоць і сам усё выдатна разумее...

На наступным паверсе, верагодна, жыве самотны стары. У яго шмат усялякіх хвароб, магчыма, ён нават інвалід. Аднак, сілы яго пакуль не пакідаюць. Хаця жыццё яму ўжо быццам бы і не патрэбна: надакучылі фізічныя і маральныя пакуты, невы­носная адзінота, ды і сэнсу ў жыцці ўжо не засталося. Была б магчымасць, перадаў бы свой запас жыццёвага часу таму, каму ён насамрэч патрэбны. Суседу знізу, напрыклад. Але няма такой магчымасці, і стары жыве, пакуль жывецца — хворы, слабы, нікому не патрэбны. Вельмі хочацца яму з кім-небудзь паразмаўляць. Нават не затым, каб перадаць свой вопыт ці распавесці якую-небудзь цікавую гісторыю з жыцця, вялізная колькасць якіх без патрэбы захоўваецца ў слабой памяці. А проста паразмаўляць: пра навіны, пра надвор’е. Пажартаваць. Старыя ж таксама ўмеюць жартаваць і смяяцца... Але нікога няма, толькі ён у кватэры, прапахлай лекамі. І каб нечым сябе пацешыць, ён глядзіць усякую лухту па тэлебачанні ці чытае мастацкія кніжкі. Здавалася б, навошта чытаць, калі і абмеркаваць гэта няма з кім, ды і неўзабаве давядзецца паміраць. Але ж ён чытае. І яму цікава... Кладучыся спаць, вера­годна, спадзяецца ён, што хвароба не прывядзе да агоніі, што памрэ лёгка, а пасля сустрэне недзе там сваіх блізкіх і сяброў, і будуць яны разам узгадваць багатае на падзеі жыццё...

Прыкладна такімі ўяўляў Ён сабе суседзяў з вышэйшых паверхаў. Кожны раз пры гэтым раздражняўся, што яны — паводле Яго ж уяўлення — жывуць штучнымі, мяшчанскімі сэнсамі, але адначасова адчуваў невыноснае спачуванне і шкадаванне. Цяпер жа Ён зноў уявіў сабе гэтых людзей, іх розныя і ў той жа час шмат у чым падобныя лёсы, і адчуў супярэчлівыя эмоцыі.

— Вось бы яны ўсе разам заснулі і пабачылі нейкі добры сон... Кожны свой канешне ж... І ў той жа час — астэроід... Магчыма, пабылі б яны яшчэ нейкі час у сваіх снах... А магчыма, адразу патрапілі б у нейкі іншы, сапраўдны свет, дзе няма гэтых штучных зямных праблем...

Яму адказаў Добры:

— Я ведаю, што ты нядрэнны чалавек. Я ведаю, што ты хочаш зрабіць як лепш. Але ў цябе няма права вырашаць за іншых. Накіруй сваё памкненне на нешта са праўды добрае. Хай гэта будзе толькі кропля ў моры. Хай гэтага нават ніхто не заўважыць, але так будзе правільна...

14