З такімі думкамі Ён заснуў.
НОЧ ДРУГАЯ
Чорны чалавек
На ложак да мяне садзіцца,
чорны чалавек
Спаць не дае мне ўсю ноч.
С. ЯСЕНІН
Ён ляжыць на ложку, як у труне. Роўна, скрыжаваўшы рукі на грудзях. Думае пра тое, што калі-небудзь насамрэч будзе так ляжаць у дамавіне. Цікава, колькі чалавек прыйдзе з Ім развітацца? Пра што яны будуць казаць, успамінаць? Ці будуць распавядаць адно адному нейкія цікавыя гісторыі, у якіх Ён — галоўны герой? Калі так, цікава было б паслухаць... Ён ляжыць нерухома і імкнецца ўявіць, што гэта могуць быць за гісторыі. Магчыма, Ён пакінуў па-за ўвагай тыя моманты са свайго жыцця, пра якія ўзгадаюць людзі на Яго пахаванні. А пра тое, што было насамрэч важна для Яго, тыя людзі, верагодна, нічога і не скажуць. Увогуле, цікава, што Ён за чалавек з пункту гледжання тых, хто мае з Ім стасункі... Для кагосьці, магчыма, адзін, для кагосьці — іншы... А ці ведаюць яны, які Ён насамрэч? Ці, можа, гэтага і Ён не ведае?.. Было б вельмі крыўдна, калі на пахаванне прыйшлі б па завядзёнцы, таму што так трэба. Пастаялі б каля труны моўчкі, магчыма, сказалі б «прабач», не ведаючы за што, і пайшлі дамоў. Ці засталіся б паразмаўляць з агульнымі знаёмымі на жыццёвыя — якая іронія: размаўляць на пахаванні пра жыццёвае — тэмы. Усё ж, якая-ніякая нагода сустрэцца, пагаварыць... І Яго пахаванне было б толькі нагодай сустрэцца... Сумна, крыўдна. Больш за ўсё ад разумення, што прыкладна так яно, хутчэй за ўсё, і атрымаецца.
І ўяўляе Ён, што ляжыць у труне, аднак у той жа час — чуе і бачыць усё, што адбываецца вакол. Назірае за тым, як ацэньваюць Яго жыццё. З чымсьці згаджаецца, з чымсьці — не. Некаторыя прамовы Яго здзіўляюць, некаторыя прымушаюць задумацца і перагледзець пэўныя рэчы... Было б лепш, каб людзі, якія прыйдуць, не верылі ў існаванне душы, не верылі ў тое, што Ён можа іх пачуць. Бо толькі ў такім выпадку яны былі б шчырымі. Няхай нават казалі б і нешта адмоўнае, хоць так і не прынята. Горш за ўсё будзе, калі яны нічога не скажуць: ні ўслых, ні нават у думках. Вось гэта ўжо будзе насамрэч крыўдна і сумна. Гэта, а не тое, што Ён страціў жыццё...
— Якое яшчэ пахаванне? Ці ты не разумееш, што, калі твой астэроід насамрэч ляснецца, нічога не будзе? Ты ж хочаш, каб усе памерлі разам, адначасова... Тады не будзе ніякіх абрадаў, ніякіх размоў, «даніны памяці»...
Гэта быў голас Злога. Злы заўжды гаварыў павольна, з нейкай паскуднай салодкай інтанацыяй, быццам бы ўвесь час здзекуючыся з Яго. Гэтая агідная інтанацыя была кантраснай зместу слоў і падкрэслівала іх дасціпнасць, прымушала прыслухоўвацца. У той жа час Яму здавалася, што Злы заўсёды самазадаволена пасміхаецца ад сваёй трапнасці і нейкай мудрасці, сталасці ў параўнанні з Ім. Пасміхаецца ад таго, што заўжды можа апусціць Яго з нябёсаў на зямлю і паказаць недакладнасці ў разважаннях і марах; заўжды можа выкрыць лазы ў сістэме, якую Ён сам сабе стварыў; заўжды можа загнаць Яго ва ўласныя пасткі. Бо сам Ён летуценна не жадаў звяртаць на ўсё гэта ўвагі... Тым часам, Злы працягваў:
— Ці ты што? Усё ж не верыш да канца ў сваю ідэю? А, крывадушнік? Усё ж марыш пра мяшчанскія радасці? Усё-ткі хочаш, каб цябе шанавалі і любілі?.. Самому не сорамна? Пазёр! Слабак...
Ён ляжыць і слухае. Разумее, што Злы, як звычайна, мае рацыю. Ад гэтага зрабілася сумна, і Яго ахапіла роспач. Злы вытрымаў паўзу, быццам бы даўшы час асэнсаваць пачутыя словы. І здалося Яму, што Злы зноў самазадаволена пасміхаўся падчас гэтае паўзы: быццам нават не чакаў адказу, ведаючы, што адказаць няма чаго.
— Ты імкнешся знайсці гармонію ў свеце і дазваляеш сабе нават крыўдаваць на Бога, кажучы ў сэрцы сваім, што гэты свет недасканалы. І потым яшчэ задаеш рытарычныя пытанні: маўляў, чаму не ўсё так гладка, чаму тут столькі хібаў і несправядлівасці? Але ў той жа час ты нават не можаш стварыць ідэальны свет ва ўласнай галаве. Там, дзе нішто табе не замінае, дзе ўсё абмяжоўваецца фантазіяй. Нават у гэтым свеце ты не можаш знайсці гармоніі. Дык чаго ты жадаеш насамрэч, калі нават у сваім уласным свеце сутыкаешся з бясконцымі супярэчнасцямі?.. Хіба верыш ты шчыра ў тое, што можаш абрынуць каменную гару, калі ў той жа час марыш пра прыгожае пахаванне?
Ён ляжыць і маўчыць. У прынцыпе, маўчаў Ён і перад гэтым, аднак цяпер замаўчалі нават думкі. Ён пачуў практычна абсалютную цішыню, што панавала ў начным пакойчыку. Словы Злога ўвялі Яго ў нейкі ступар. Запярэчыць не было чым. Было толькі адчуванне, быццам Ён стварыў пэўную гульню і сам жа ў яе прайграў. Пра гэтую паразу, у адрозненне ад шэрагу іншых, ніхто не ведаў, аднак Яму было незвычайна сорамна. Але адначасова з гэтым — магчыма, праз велізарную стомленасць — было адчуванне нейкай нявызначанасці... Нават калі Злы і мае рацыю, гэта фактычна нічога не мяняе. Аднак Ён ляжыць і чакае іншага, супрацьлеглага меркавання. І яно прагучала:
— Ведаеш, я думаю, што ўсе, хто кажуць: «хачу здохнуць», насамрэч хочуць якраз адваротнага. Яны вельмі хочуць жыць. Але жыць нармальна. Бо адкуль гэтае фальшывае жаданне «здохнуць»? Ад незадаволенасці існуючым жыццём. Калі разабрацца, можна раскласці па палічках усё, што іх — гэтых людзей — не задавальняе. І атрымаецца, што ўсё будзе ўпірацца ў шэраг пэўных рэчаў, якія не адпавядаюць жаданню чалавека. Калі гэты шэраг невялікі — то яшчэ можна пазмагацца і паспрабаваць выправіць існуючае жыццё. А калі ўсяго столькі, што завальвае з галавой, некаторым прасцей усё скончыць, чым паспрабаваць разгрэбсці. І людзі «хочуць здохнуць», магчыма, дзесьці ў глыбіні душы спадзеючыся, што насамрэч яны змогуць пачаць усё спачатку. Як часам прасцей пераўсталяваць аперацыйную сістэму камп’ютара, чым выправіць... Ці, ва ўсякім разе, яны скончаць бессэнсоўнае існаванне, якое абсалютна не падабаецца...